СІЛУРЫ́ЙСКАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫЯД), сілур (ад назвы стараж. племя сілураў, што некалі жыло ва Уэльсе, Вялікабрытанія),

трэцяя сістэма палеазойскай эратэмы (эры), якая адпавядае трэцяму перыяду палеазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца адкладамі ардовікскай сістэмы (перыяду), перакрываецца адкладамі дэвонскай сістэмы (перыяду). Пачалася 440 млн. г. назад, доўжылася 30 млн. г. Вылучана ў 1835 англ. геолагам Р.​І.​Мурчысанам. Падзяляецца на ніжні і верхні аддзелы. Ніжні ўключае ландаверыйскі і уэнлокскі ярусы, якія падзяляюцца на 5 пад’ярусаў; верхні — лудлаўскі (2 пад’ярусы) і пржыдольскі. Для сілуру існуе адзіная шкала грапталітавых зон, складзеная паводле класічных разрэзаў у Вялікабрытаніі і Чэхіі.

Адклады гэтай сістэмы прадстаўлены мелкаводнымі шэльфавымі, пераважна карбанатнымі тоўшчамі з бентаснай фаунай і арганагеннымі пабудовамі (пашыраны на Усх.-Еўрапейскай і Сібірскай платформах, у Цэнтр. і Паўд. Кітаі, на паўн.-амер. Мідкантыненце, у Паўн. Афрыцы) і глыбакаводнымі тэрыгеннымі асадкамі з планктоннай фаунай. Найб. кантынентам у сілуры была Гандвана, больш дробныя масівы сушы — Лаўрэнція, Балта-Сарматыя, Ангарыда і інш. Сілурыйскаму перыяду папярэднічалі глабальнае покрыўнае зледзяненне, максімум рэгрэсіі і перарывы ў платформавым асадканамнажэнні. Пачатак сілуру адзначаны магутнай ландаверыйскай трансгрэсіяй, якая максімальна праявілася на Гандване, Паўн.-Амерыканскай і Сібірскай платформах. У канцы ранняга уэнлоку адзначаецца рэгрэсія, якая працягвалася да сярэдзіны ранняга дэвону. Геасінклінальныя зоны характарызуюцца дыферэнцыраванымі тэктанічнымі рухамі, праяўленнем падводнага вулканізму і стракатасцю асадкаў. У канцы сілурыйскага перыяду закончылася каледонская складкавасць. Нешматлікія літалагічныя індыкатары палеаклімату сведчаць пра гумідныя ўмовы ў ландаверыйскім веку, паступовым пацяпленні і арыдызацыі клімату ў уэнлоку і познім сілуры. У арганічным свеце да пач. сілуру сфарміраваны асн. класы беспазваночных арганізмаў і з’явіліся пазваночныя. Для мелкаводных зон характэрна ракушачна-каралавая фауна, у т. л. гідроідныя паліпы (табуляты, ругозы, строматапараты). Донная фауна прадстаўлена брахіяподамі і малюскамі (гастраподы, двухстворкавыя, тантакуліты), у лагунах і на адкрытым шэльфе — астракодамі, трылабітамі і ракаскарпіёнамі; вядомы бяссківічныя. У канцы сілуру з’явіліся рыбы — акантоды. Пелагіяль насялялі грапталіты, наўцілаідэі і канадонты. З расл. арганізмаў характэрны водарасці, з наземных — рэшткі псілафітаў. З карысных выкапняў да адкладаў сілуру прымеркаваны запасы нафты, буйныя радовішчы жал. руд, меднага калчадану, марганцу, фасфарытаў, гіпсу, каменнай солі і інш.

На Беларусі сілурыйскія адклады магутнасцю да 630 м пашыраны на ПдЗ (Брэсцкая ўпадзіна) і да 76 м на ПнЗ (схіл Бел. антэклізы). Яны складзены з вапнякова-мергельных парод са шматлікай выкапнёвай фаунай (грапталіты, брахіяподы, гастраподы, імшанкі, каралы і інш.) і акрытархамі. У гэты перыяд пераважала суша. Марскі басейн, што наступаў з З у выглядзе 2 заліваў — Балтыйскага і Падляска-Брэсцкага, найб. плошчу заняў у канцы ландаверыйскага веку.

т. 14, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)